Ганне Лісенка, маме дзвюх дачок-двайнятак, яшчэ толькі трэба будзе прайсці ўвесь доўгі шлях выхавання малых: ім усяго па 8 месяцаў. Але, нягледзячы на маладосць маці і зусім юны ўзрост яе дзетак, Ганна цяпер яскрава ўяўляе і ведае, у чым заключаецца яе жаночае шчасце. Іх сям’я нарадзілася з моцнага сяброўства: на працягу пяці гадоў прыязджалі гасціць да бабуль у Тофелі. А потым Жэня пайшоў служыць у армію і, відаць, так засумаваў па даўняй сяброўцы,што стаў дасылаць лісты. Уласна, так і пачалася гісторыя іх кахання: рамантыка, чаканне, сустрэчы, шлюб, цяжарнасць.
– Калі ты даведалася, што будзеш мамай двайнят, як успрыняла гэтую вестку? – спытала я. На што мілая маладая жанчына адказала усміхаючыся:
– Пра тое, што ў мяне будуць двайняты, я даведалася падчас УГД. Адразу разгубілася, а потым падумала пра тое, як буду адначасова дваіх дзяцей спаць укладваць, карміць, апранаць – усё было для мяне як у тумане ...Мы з Жэнем сталі меркаваць, чаму Бог падараваў менавіта нам дваіх дзяцей, і, аказалася, Жэнина прабабуля была з двойні. Вось яна, генэтыка.
У Ганны гэта была першая цяжарнасць, і без таго ўсё ўпершыню прыйшлося спазнаваць, а тут такая нагрузка, такая адказнасць!
– Я вельмі перажывала, падыходзіла да свайго будучага мацярынства адказна, з усведамленнем сваёй асаблівай ролі як маці дваіх дзяцей. Спачатку было цяжка, цяпер прасцей. Дзякуй, дапамагае муж, бабулі, дзядулі і ўсе сваякі. Я не ўяўляю свайго жыцця без дачок.
Мы, жанчыны, – шчаслівая палова чалавецтва. Мужчыне не зразумець, як гэта – слухаць свайго, яшчэ не народжанага дзіцяці,знутры. Адчуваць яго нясмелыя дакрананні і ўяўляць, як ён прыйдзе ў свет дзяцінства, дзе яго можна будзе суправаджаць, трымаючы за руку. Хіба можна ўсвядоміць шчасце быць жанчынай, калі цёплыя далонькі не закранулі твайго сэрца? І хай сабе Даша і Віка першае слова вымавілі «тата», і ўвогуле іх можна назваць яго любіміцамі, але шчасце жанчыны ў дзецях. Раней мы жылі інакш, больш для сябе, сёння дзеці перавярнулі наш свет з ног на галаву.
...Асцярожна датыкаючыся вуснамі да валосікаў на галавах малых, я імкнуся ўзгадаць, ці было са мной такое раней. Якія ж яны прыгажуні, мае дочкі! Спрабуючы знайсці адрозненні ў любові да сваіх дзяцей, я іх не знаходжу.Яна непадзельная, адна на дваіх. Што трэба жанчыне для шчасця? Напэўна, каб яе дзеці смяяліся, бо нездарма кажуць: «Самыя дарагія каралі жанчыны – гэта рукі дзіцяці, якія яе абдымаюць». Для мяне важна шчасце нашых з Жэнем дзяцей.
І чым больш яны ўсміхаюцца, тым святлей і цяплей у доме.А напярэдадні Восьмага сакавіка я мару, каб мы ўрэшце закончылі рамонт у кватэры, якую набылі і туды пераехалі.І каб ў ёй гучаў дзіцячы смех.
Вось яно, шчасце быць жанчынай, быць мамай! А галоўнае, напэўна, тое, што ніколі не застацца мне адной. Заўсёды хтосьці будзе побач радаваць сваёй прысутнасцю. Прыціскаючыся да «малявак», міжволі думаеш, а ці надоўга? Ці доўга яны яшчэ будуць так залежаць ад маёй прысутнасці і не будуць спрабаваць стаць самастойнымі? І тады нясмела закрадваецца думка: «А што, калі трэцяга...».
Алена КІРЫЛАВА.