І гэта зразумела, бо ўкласціся ў суму 6 тысяч на дзень і пры гэтым атрымаць паўнацэнны абед, згадзіцеся, цяжка. У бліжэйшы час па просьбах бацькоў дзяцей, якія наведваюць групы прадоўжанага дня, рацыён харчавання малодшых школьнікаў стане больш разнастайным і, адпаведна, павялічыцца кошт абедаў. Рашэннем бацькоўскага камітэта цяпер у рацыён дзяцей групы прадоўжанага дня штодзённа будуць уключацца, акрамя другой стравы, суп, салата. Дагэтуль, у залежнасці ад кошту прадуктаў, чаргаваўся склад абеду – іншы раз выключалася першая страва ці салата.Увогуле, як паведаміла тэхнолаг аддзела адукацыі Ларыса Варатынская, харчаванне навучэнцаў школ раёна здзяйсняецца па адпаведных нормах і зацверджаных Урадам Рэспублікі Беларусь грашовых нормах расходаў на харчаванне. Школьнікі атрымліваюць сняданкі і абеды за лік бюджэтных сродкаў і з улікам бацькоўскай аплаты. Вучням пачатковых класаў, а таксама ўсім школьнікам, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, прадастаўляецца аднаразовае гарачае харчаванне за кошт бюджэтных сродкаў. Яны прадугледжаны на дзяржаўную падтрымку па зніжэнні кошту харчавання. Спіс школьнікаў, якія атрымліваюць бясплатнае аднаразовае і двухразовае харчаванне ў сельскіх і ў Расонскай школе, вызначаецца рашэннем камісіі. Яна ствараецца загадам кіраўніка ўстановы адукацыі на навучальны год. Калі вучань адносіцца да ільготнай катэгорыі, то незалежна, у 5-ым класе ён навучаецца, ці ў 11-ым, яго харчаванне аплочвае дзяржава.
На сённяшні дзень гарачае харчаванне ў школах атрымліваюць 679 дзяцей (589 за бюджэтныя сродкі, 90 – за бацькоўскую аплату).
Усе школьнікі пачатковых класаў ахоплены бясплатным гарачым харчаваннем: вучні сельскіх школ – 6084 рублёў у дзень, Расонскай школы – 7909 рублёў у дзень). Малыя, якія наведваюць групу прадоўжанага дня, харчуюцца за кошт бацькоўскай аплаты на суму 6000 рублёў. Школьнікі 5-11-ых класаў атрымліваюць абеды на суму 5000 рублёў у дзень, зноў жа, за кошт бацькоў.
За якасцю харчавання пастаянна сочыць камісія з членаў школьнай адміністрацыі. Абавязковым удзельнікам арганізацыі школьнага харчавання з’яўляецца бацькоўскі камітэт. Ён кантралюе работу школьнай сталовай і праводзіць мерапрыемствы па паляпшэнні арга-нізацыі харчавання.
Рацыён жа ўключае: сняданак – салата, гарачая страва, напой; абед – салата, суп, гарачая страва, салодкае ці сок. Па дамоўленасці з бацькоўскім камітэтам установы адукацыі дазваляецца выключэнне з меню абеду (цалкам ці ў асобныя дні) супоў, а таксама ўзгадняецца сума ў дзень бацькоўскай аплаты. Са штодзённым меню можна азнаёміцца асабіста – на стэндзе ў сталовай.
Калі падрабязней спыніцца на кошце страў, то, напрыклад, у Расонскай школе ён наступны:
салата з агародніны – 1100 рублёў;
суп – 1200 рублёў;
пюрэ бульбяное – 650 рублёў;
катлета – 3500 – 4700 рублёў;
кампот – 1000 рублёў;
хлеб – 300 рублёў. Цэны на прадукты растуць бясспынна. Як ні карэкціруй меню, у 6 000 рублёў укласціся цяжка. Таму на абедах у групах прадоўжанага дня не заўсёды прысутнічае першая страва, а салата замяняецца агуркамі ці памідорамі.
Старшаклакласнікі ж Расонскай школы ў асноўным аддаюць перавагу прадукцыі буфета замест гарачых абедаў. Таму ў асартыменце тавараў, якія рэалізуюцца ў школьным буфеце, прысутнічае не толькі выпечка, а і салата, прыгатаваныя рыба і птушка, сокі, фрукты, малочныя і кісламалочныя прадукты.
Дадам, што з мэтай патаннення харчавання, школамі раёна нарыхтавана 16,3 тоны бульбы, 8,6 тоны агародніны, 113 кілаграмаў журавін, 189 кілаграмаў варэння, 460 кілаграмаў яблыкаў.