ЛЮДИ И СУДЬБЫ
4 сакавіка - Дзень міліцыіі
1 марта 2010 |
48979 | Пётр Чимковский | 37323 | 198 | 2 | 0 | 4 | 75 | 238
Напярэдадні прафесійнага свята – Дня міліцыі – мы сустрэліся з супрацоўнікамі аператыўна-дзяжурнай службы РАУС, таму што менавіта ад гэтых людзей, ад таго, як у першыя хвіліны яны адрэагуюць, наколькі поўна прымуць інфармацыю, прадуктыўна пагутараць з заяўнікам, залежыць поспех у раскрыцці злачынства па гарачых слядах і нават правядзенне расследавання ў далейшым.
Усяго гэтая служба налічвае 11 чалавек: 4 афіцэры-дзяжурныя, адзін з якіх старшы аператыўны дзяжурны, 3 памочнікі і 4 вадзіцелі. Нашая ж размова адбылася з дзяжурным старшым лейтэнантам міліцыі Ігарам Уладзіміравічам Парфёнавым (на здымку злева) і памочнікам дзяжурнага прапаршчыкам міліцыі Аляксандрам Лявонцьевічам Калаурам.
Ігар Парфёнаў у органах унутраных спраў працуе з лютага 1993 года, а ў дзяжурнай часці – з 1995-га. Пачынаў з памочніка дзяжурнага, а ў 2005 годзе, скончыўшы Полацкі аграрны каледж па спецыяльнасці “правазнаўства”, быў назначаны старшым інспектарам дзяжурна-аператыўнай службы.
Аляксандр Калаур у міліцыі служыць з 2001-га, а ў дзяжурную часць прыйшоў не так даўно – летась у верасні.
Пасля гэтага кароткага знаёмства я папрасіў іх расказаць пра прызначэнне і асноўныя задачы аператыўна-дзяжурнай службы. Аказалася, на яе ўскладаецца арга-нізацыя, кіраванне сіламі і сродкамі, задзейнічанымі ў ахове правапарадку, збор і апрацоўка інфармацыі пра аператыўную абстаноўку, неадкладнае рэагаванне на яе змяненні, рэгістрацыя і ўлік заяў, паведамленняў пра злачынствы, адміністрацыйныя правапарушэнні і здарэнні – і гэта толькі самае асноўнае. Да таго ж, у пералік уваходзяць разбіральніцтва з правапарушальнікамі, дастаўленымі ў дзяжурную часць, падрыхтоўка нарадаў, праверка іх гатоўнасці, арыентаванне, кантроль за нясеннем службы. Уся інфармацыя, што паступае ў дзяжурную часць, рыхтуецца на даклад кіраўніку; калі рэгіструюцца паведамленні, то, у залежнасці ад іх характару і дзе ёсць неабходнасць, на месца здарэння накіроўваюцца канкрэтныя супрацоўнікі.
На службу Ігар Парфёнаў і Аляксандр Калаур звычайна заступаюць на суткі праз двое. І яшчэ іншым разам, прыкладна два-тры разы на месяц, прыходзіцца “паддзяжурыць” некалькі гадзін: у будні дзень з шасці вечара да апоўначы, а ў выхадныя – да дзвюх гадзін ночы, пакуль не скончацца дыскатэкі, не зачыняцца бар з рэстаранам. Прычым такой заканамернасці, як зазначыў Ігар Уладзіміравіч, што неспакойна якраз па выхадных, няма. І таму суботу з усімі вяселлямі і дыскатэкамі можна аддзяжурыць на “ўра”, а ў сераду здарыцца наплыў.
Аднак, нягледзячы на ўсе складанасці, служба ім падабаецца. Як ёміста заўважыў Аляксандр Калаур, сваёй дынамічнасцю, бо ніколі не здараецца змен, падобных адна на адну. Ігар Парфёнаў у сваю чаргу дадаў: “Яшчэ даспадобы тое, што тут, у дзяжурнай часці, заўсёды знаходзішся “на вастрыі”. Словам, праца цікавая, асабліва калі яе сумленна выконваць”.
Віталь ШЫЁНАК. Фота аўтара.